ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
т. 12, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)